Абрад «Калядныя Цары»
У ХVIII ст. ў вёсцы Семежава стаяў атрад рускай арміі, салдаты і афіцэры якой у час Калядаў хадзілі ў сваёй звычайнай вайскавой форме па вясковых хатах, віншавалі гаспадароў са святам, паказвалі невялікае прадстаўленне, танцавалі, спявалі, пасля прасілі дары. Затым, калі атрад пакінуў вёску, мясцовыя жыхары, у асноўным маладыя хлопцы, пачалі для калядных абыходаў апранацца ў карнавальныя касцюмы, што нагадвалі вайсковую форму. Гэтыя персанажы і былі празваныя ў народзе «царамі». Да цароў далучыліся даўнія мясцовыя маскі- персанажы «Дзед» і «Баба», якія, акрамя таго, сустракаліся тут падчас цэрэмоніі традыцыйнага вяселля.
Аднак па сведчаннях пісьмовых крыніц семежаўскія «цары» з’явіліся задоўга да «атрада рускай арміі». Семежава у XVII-XVIII ст.ст. было вядома як мястэчка, што належала магнацкаму роду Радзівілаў. Тут некалькі раз на год ладзіліся кірмашы, на якіх перад Калядамі адбываліся прадстаўленні лялечнага батлеечнага тэатра, выступалі штукатуры, дрэсіраваныя мяддзведзі і інш.
Сюжэт прадстаўлення «цароў» пабудаваны на паядынку, што таксама сведчыць пра агульнасць батлейкі і семежаўскага народнага тэатра, бо сцэны паядынку з’яўляліся характэрнымі для батлейкі самых розных варыянтаў і народнай драмы. Цікавасць выклікае песня, якую спяваюць «цары», ідучы строем па вуліцы. Гэта песня – «Посею лебеду на берегу» – з’яўляецца рускай народнай танцавальнай песняй. Хутчэй за ўсё, выканаўцаў абраду прывабіла яе рытмічнасць, музыка, пад якую лёгка ісці строем і маршыраваць па вуліцы.

Абрад, перадаючыся з пакалення ў пакаленне, існаваў у Семежава да канца 50- х гг. XX ст. Нават у савецкі час вяскоўцы «падпольна» хадзілі шчадраваць.
Адметнаць абраду – у складзе ўдзельнікаў, касцюмах, дыялогах. А яшчэ ў тым, што праводзіцца ён толькі тут, у вёсцы Семежава Капыльскага раёна. Нідзе больш на Беларусі гэты абрад не сустракаецца.
У 2007 годзе абрад «Калядныя цары» быў уключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. А ў 2009 годзе культурную грамадскасць краіны ўскалыхнула вестка, што абрад «Калядныя цары» рашэннем IV Сесіі Міжурадавага камітэта UNESCO быў уключаны ў Спіс сусветнай нематэрыяльнай культурнай спадчыны, якой патрабуецца тэрміновая ахова. Гэта азначала, што абраду быў нададзены асаблівы ахоўны статус як сусветнай культурнай каштоўнасці. Абрад «Калядныя цары» – першы аб’ект нематэрыяльнай спадчыны ў нашай краіне, ўзяты пад ахову UNESCO.

З году ў год маршыравалі «Калядныя цары» па Семежаве: на змену адным пакаленням «цароў» прыходзілі новыя…
Перарываецца гэтая сувязь пакаленняў пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года. Савецкая ўлада ўводзіла новыя святы і, жорстка адвяргаючы рэлігію, стала на шлях забароны народных свят мінулага. Калі праваслаўнаму і каталіцкаму хрысціянству спатрэбіліся стагоддзі, каб ахрысціць насельніцтва і забараніць язычніцкія святы, то савецкай уладзе спатрэбілася ўсяго некалькі дзесяцігоддзяў, каб не толькі забараніць язычніцкія і каляндарныя святы, а і амаль выкрасліць з народнай памяці духоўную спадчыну мінуўшчыны.
Але народная памяць здольная ў любых умовах захаваць тое, што дорага і неабходна чалавеку дзеля яго гарманічнага і нармальнага побыту.
Нягледзячы на забарону, жыхары Семежава спраўлялі вякамі шануемыя святы. Ніколі не забывалі і пра «Калядных цароў».
Але перабудова, якая пачалася ў Савецкім Саюзе ў сярэдзіне 1980-х гадоў, прынесла перамены і ў Семежава. У 1997 годзе на Стары Новы год тут адбыўся сапраўдны цуд: да семежаўцоў у госці зноў прыйшлі калядныя «цары».
У гурт калядных «цароў» уваходзяць сем маладых хлопцаў, якія апрануты ў белыя кашулі, белыя штаны, падпярэзаны чырвонымі семежаўскімі паясамі з геаметрычным арнаментам, грудзі таксама перавязваюцца крэст накрэст паясамі, на шыю павязваецца жаночая вялікая хустка «тарыноўка» ў вялікую клетку або ў кветкі, якая закладваецца за паясы. На нагах – чорныя боты, на галаве – высокія папяровыя шапкі з рознакаляровымі кутасамі. Ва ўсіх «цароў» з левага боку прымацавана шабля. Кожны з «цароў» меў пэўнае імя – цар Максімільян, цар Мамай, цар Іван Грозны і г.д. – і паводзіў сябе ў адпаведнасці з гэтым вобразам. Акрамя цароў у калядным гурце знаходзіцца «лекар», апрануты ў цёмную ваенную форму, боты, на галаве – фуражка, праз плячо – медыцынская сумка, у руках градуснік з кардону, музыка і барабаншчык. Хлопцы, якія выконваюць ролі цароў, імкнуцца апрануцца як мага прыгажэй, з форсам. Акрамя іх, у склад гурта ўваходзяць дзед і баба. Ролю дзеда звычайна выконвае дзяўчына, апранутая ў бруднае, рванае мужчынскае адзенне, твар пэцкае сажай. Ролю бабы выконвае вяртлявы хлопец, апрануты адпаведна. Гэтыя персанажы смешаць гледачоў, робяць усялякую шкоду, абдымаюцца і цалуюцца паміж сабой і з прысутнымі, крадуць рэчы ў гаспадароў.

«Цары» збіраюцца і апранаюцца ўсе разам у якой-небудзь адной хаце. Ходзяць ў тыя хаты, дзе жывуць незамужнія дзяўчаты, або туды, куды запрашаюць загадзя. Выходзячы на вуліцу, выстройваюцца па росту. Паперадзе ідзе «цар» – самы прыгожы і вясёлы хлопец, заключнымі ідуць барабаншчык з музыкай і механошай («механоша» з мяшком і санкамі, на якіх стаіць крэсла ў выглядзе трона – сімвала улады цароў). Лекар – галоўны камандзір, ідзе збоку. Калі кажа «налева» – дык ідуць у хату, якая знаходзіцца з левага боку, «направа» – заходзяць у хату з правага боку. Маршыруюць пад гукі барабана, па баках бягуць дзед і баба, у руках у дзеда пуга. Калі пачынала цямнець, удзельнікі гурта запальвалі факелы для відовішча. Зайшоўшы ў хату, разыгрывалі сцэнкі з бойкай «цароў», лячэннем забітага «цара» і г.д. Баба і дзед вырабляюць, што надумаюць, не пакідаючы без увагі прысутных.
Нематэрыяльныя гісторыка-культурныя каштоўнасці патрабуюць не толькі даследавання, дакументавання і надання статусу, але і дзейсных мер па захаванні, стварэнні ўмоў для адраджэння, развiцця i перадачы нашчадкам нашых культурных традыцый.

Перад пачаткам шчадравальнага валачэння, каляднага абрада «Цары», у Семежаве адбываецца сапраўднае свята. Працуюць гандлёвыя кропкі, гульнёвыя атракцыёны, спартыўныя гульні, калядныя варожбы, калядны кірмаш, праводзіцца дэгустацыя традыцыйных семежаўскіх страў, канцэрт мастацкай самадзейнасці, адбываюцца тэатралізаваныя прадстаўленні з каляднымі персанажамі і г.д.
На час правядзення каляднага абраду «Цары» ў вёсцы Семежава прыязджае даволі вялікая колькасць турыстаў, гасцей. Многія госці спецыяльна рыхтуюцца і далучаюцца да ўдзелу ў свяце. Водзяць абрадавыя карагоды, выконваць рытуальныя песні.
Рэалізуюцца турыстычныя маршруты. Яны спалучаюць у сабе наведванне музея вядомага беларускага вучонага Міхаіла Сцяпанавіча Высоцкага – Героя Беларусі, які на працягу 35 гадоў быў галоўным канструктарам Мінскага аўтазавода. Сёння у яго доме – музей, які ніколі не пустуе. Таксама наведванне раённага цэнтра ткацтва, дзе могуць пазнаёміцца з ткацтвам капыльскіх майстроў, а менавіта з тэхнікай выканання чырвона-белых семежаўскіх ручнікоў, якія ўнесены ў спіс нематэрыяльнай культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Для турыстаў і гасцей праводзяцца майстар-класы, што з'яўляецца найбагацейшай крыніцай пазнавальнага і маральнага іх развіцця. Пабываўшы на семежаўскай зямлі, яны становяцца не толькі сведкамі, але і ўдзельнікамі Каляднага абрада «Цары», а таксама маюць магчымасць паспрабаваць традыцыйныя стравы.

Для далейшага захавання і пераемнасці абрада «Цары» вялікая работа праводзіцца работнікамі ўстаноў культуры. У першую чаргу Семежаўскім цэнтрам культуры і адпачынку, пры якім знаходзіцца гурт удзельнікаў (маладыя хлопцы), якія з’яляюцца ўдзельнікамі абрада «Цары». Дзякуючы плённай працы, абрад «Цары» існуе ў сваім першапачатковым выглядзе і перадаецца маладому пакаленню, не страчваючы сваіх традыцый.


Маладыя хлопцы (12 чалавек) збіраюцца ў гурты і ходзяць шчадраваць па вёсцы, дзе паказваць невялікае прадстаўленне -– урывак з драмы «Цар Максімільян». Так адбываецца з году ў год. Ходзяць два гурты, каб як мага болей ахапіць вуліц і тым самым павіншаваць са святам амаль усіх жыхароў вёскі. Адзін гурт дарослых нежанатых хлопцаў, дзе ў асноўным удзельнікі працуюць у мясцовай гаспадарцы ААТ «Семежава» механізатарамі, слесарамі, жывёлаводамі. Другі гурт хлопцаў складваўся з вучняў мясцовай Семежаўскай сярэдняй школы імя М.С.Высоцкага.
Гаспадары з задавальнененем прымалі віншаванні «цароў», адорвалі іх прысмакамі і прасілі, каб ў наступны год таксама завіталі да іх. Лічылася, што «цары» неслі надзею на шчасце і дабрабыт у новым годзе, таму ўсюды яны былі жаданымі і ўсюды іх ад душы частавалі пірагамі і каўбасамі. Вось як аб гэтым успамінала 69-гадовая жыхарка вёскі Семежава Курпан Ніна Паўлаўна: «Мы любім «цароў» і ажыдаем іх усягда. Гэта інцярэсна. Гэта ж раз у гаду. Я буду сустракаць іх піражком з солькаю. Пакладу ў мех гарбузікі, канфеты, пячэнне, 10 рублёў і кусок сала. Нічога не шкадую. Мы лічым, што як прыдуць калядоўшчыкі і мы іх адорым – гэта як быццам прыбыль у хазяйстве».

Закончыўшы прадстаўленне ў адной хаце і атрымаўшы пачастункі, «цары» ў суправаджэнні гасцей і мясцовых жыхароў наведвалі хату за хатай, дэманструючы даўні прыгожы абрад.
Калі Шчодры вечар набіраў сілу і пачынала змяркацца, «цары» бралі ў рукі факелы, і гэта надавала ўсяму дзейству незвычайную відовішчнасць і, нават, міфічнасць. Ідучы строем па вуліцы пад дроб барабана і пад рускую народную песню «Посею лебеду на берегу», «цары» працягвалі свой шлях туды, дзе іх чакалі.

Вядзецца плённая работа па прапагандзе абраду «Цары» сярод мясцовага насельніцтва, школьнікаў. Паколькі ўдзельнікамі абраду з’яўляецца моладзь, то менвіта з імі праводзіцца шмат мерапрыемстваў для далейшага захавання і папулярызацыі элемента.
Дзеля таго, каб дзеці і моладзь перанялі мастацкія традыцыі сваёй мясцовасці, неабходна далучаць іх да работы па вывучэнні і захаванні народнай спадчыны. Школьнікі пачатковых класаў разумеюць значнасць і ўнікальнасць абраду.На наглядных прыкладах падчас наведвання правядзення абраду, сустрэч з носьбітамі НКС. З ранніх гадоў яны рыхтуюцца стаць удзельнікамі абраду, вывучаюць сцэнарый, падбіраюць сабе ролю і рыхтуюцца да ролі.

Да вывучэння сваёй спадчыны актыўна далучаюцца настаўнікі. Вандроўкі падчас школьных канікул паказалі, што песенная, танцавальная, абрадавая спадчына сваіх бабуль – жывая з'ява. Матэрыялы экспедыцый становяцца дапаможнікамі ў працэсе навучання і далучэння дзяцей і падлеткаў да сваёй спадчыны.
У выніку знаёмства з мясцовымі традыцыямі, з гісторыяй сваёй вёскі вучні да ўрокаў гісторыі рыхтуюць рэфераты, паведамленні, даклады аб народных святах, абрадах, звычаях, носьбітах, аб сваіх радаводах, якія грунтуюцца на ўспамінах бабуль і дзядуль.
Задачы развіцця народнай творчасці рэалізуюцца праз раённыя семінары, семінары-практыкумы, майстар-класы з удзелам носьбітаў мастацкіх традыцый. На семінары-практыкуме «Народныя святы як сродак маральнага выхавання і культурна-адпачынкавай дзейнасці насельніцтва» прадстаўлена прэзентацыя народных свят. Раённы семінар «Перспектывы дзейнасці ўстаноў культуры раёна па захаванні гісторыка-культурнай спад-чыны» даў магчымасць прааналізаваць дзейнасць устаноў культуры раёна па ахове спадчыны і абазначыць перспектывы работы ў гэтым кірунку.

Пра важнасць нашага абраду «Цары», пра ўзаемапавагу паміж супольнасцямі ў 2020 быў зняты фільм на БТ-3 у перадачы «Жывая культура» Была забяспечана інклюзіўнасць, выкарыстаны мясцовыя дыялекты нашых жыхароў, што надало арганічнасці, жыццёвасці нашаму абраду.
Сёння «Калядныя цары» ўсведамляюцца семежаўцамі на ўзроўні лакальнай ідэнтыфікацыі як яркая, уласцівая толькі іх мясцовасці, адметнасць каляндарна-абрадавай культуры.
Пасля таго, як «Калядныя цары» былі ўнесены ў Спіс сусветнай нематэрыяльнай спадчыны UNESCO, цікавасць да абраду і да вёскі Семежава значна ўзрасла. Гэта гаворыць пра тое, што прэстыжны статус працуе на падтрымку і далейшае развіццё абраду.
За вялікую работу па вывучэнні, адраджэнні і захаванні народных традыцый абрадавы калектыў «Цары» Семежаўскага цэнтра культуры і вольнага часу па выніках 2010 года стаў Лаўрэатам спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, уручэнне якой адбылося ў Палацы Рэспублікі 8 студзеня 2011 года.

На цырымоніі ўручэння прэміі А. Лукашэнка сказаў: «Прэмія – гэта яскравае сведчанне таго, якім грамадскім прызнаннем карыстаецца кожны значны крок на сцежцы мастацтва, міласэрнасці, маральных пошукаў, служэння людзям і Айчыне». Гэтыя словы ў поўнай меры адносяцца да ўсіх жыхароў вёскі Семежава, хто меў дачыненне да адраджэння абраду «Калядныя цары».
